• На галоўную
  • Карта сайта

Выстава “З музыкай вясны ў сэрцы”: да 95–годдзя з дня нараджэння Сцепанцэвіч Калерыі Іосіфаўны

Выстава “З музыкай вясны ў сэрцы”: да 95–годдзя з дня нараджэння Сцепанцэвіч Калерыі Іосіфаўны

Нотна-навуковая бібліятэка прапануе тэматычную выставу “З музыкай вясны ў сэрцы”: да 95–годдзя з дня нараджэння Сцепанцэвіч Калерыі Іосіфаўны (21 сакавіка 1926).

К. І. Сцепанцэвіч – музыказнаўца, педагог, лектар, кандыдат мастацтвазнаўства, Ганаровы прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Заслужаны работнік вышэйшай школы БССР, член Беларускага саюза кампазітараў і Беларускага саюза музычных дзеячаў. Калерыя Іосіфаўна нарадзілася ў Горкім (Ніжні Ноўгарад), скончыла ДМПІ імя Гнесіных, клас Б. В. Левіка, пазней - аспірантуру пад яго кіраўніцтвам. У 1957 г. была запрошана ў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю імя А. В. Луначарскага, дзе плённа працавала шмат гадоў. Калерыя Іосіфаўна была прарэктарам па навуковай рабоце, стала ініцыятарам стварэння і першым загадчыкам кафедры тэорыі музыкі.

К. І. Сцепанцэвіч – выдатны прадстаўнік беларускай музычнай навукі, аўтар звыш 250 навуковых і метадычных прац, рэдактар і складальнік зборнікаў. За сваю нястомную і плённую дзейнасць была не аднойчы адзначана ўзнагародамі, сярод якіх медаль «Ветэран працы» (1993), медаль Ф. Скарыны (2001), нагрудны знак Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (2012), Ганаровыя граматы Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, БССР, Міністэрства культуры СССР, Міністэрства культуры БССР.

У класе Калерыі Іосіфаўны вучыліся многія вядомыя беларускія музыканты, кампазітары і музыказнаўцы. Пад кіраўніцтвам К. І. Сцепанцэвіч абаранілі дысертацыі на званне кандыдаты мастацтвазнаўства В. П. Марозава, Т. В. Сярнова, С. С. Герасімовіч, Л. А. Арлова, С. В. Баёва, К. Я. Яськоў.

На выставе прадстаўлены навуковыя працы К. І. Сцепанцэвіч: манаграфіі, артыкулы і нарысы са зборнікаў, нотныя хрэстаматыі, а таксама матэрыялы, прысвечаныя яе творчай і педагагічнай дзейнасці. Выставу дапаўняюць выяўленчыя дакументы.

Экспазіцыя размяшчаецца ў навучальным корпусе № 1 (вул. Інтэрнацыянальная, 30), каб. № 140 з 1 па 28 сакавіка 2021 г.

Фотогалерея

усе фота